РУ́СКА-АНГЛІ́ЙСКАЯ ВАЙНА́ НА МО́РЫ 1807—12,
марская вайна паміж Расіяй і Вялікабрытаніяй, выкліканая далучэннем Расіі (паводле Тыльзіцкага міру 1807) да абвешчанай Напалеонам I кантынентальнай блакады Вялікабрытаніі. Аб’яўлена Расіяй 7.11.1807 пасля нападу ў жн. 1807 брыт. эскадры на г. Капенгаген і захопу англічанамі амаль усяго дацкага флоту. Мела характар асобных баявых сутыкненняў невял. сіл у Атл. ак., Міжземным, Адрыятычным, Балт., Баранцавым і Белым морах; ад буйных бітваў і рашучых дзеянняў абодва бакі ўстрымліваліся. Брыт. флот блакіраваў рас. і замежныя порты, дзе знаходзіліся рас. караблі, нападаў на прыбярэжныя раёны, захопліваў і тапіў гандл. судны Расіі. Найб. значныя падзеі блакада ў ліст. 1807 — жн. 1808 брыт. флотам рас. эскадры віцэ-адм. Дз.М.Сянявіна ў порце Лісабон, пасля якой рас. судны да канца вайны знаходзіліся пад брыт. кантролем; няўдалая атака 29.5.1809 брыт. эскадрай атрада рас. ваен. суднаў у порце Трыест; уварванне ў чэрв.—вер. 1809 брыт. флоту ў Фінскі заліў. Вайна прычыніла вял. шкоду эканоміцы Расіі. Пасля ўварвання войск Напалеона I у Расію (чэрв. 1812) яна выйшла з рэжыму кантынент. блакады і 28.7.1812 падпісала ў швед. г. Эрэбру мірны дагавор з Вялікабрытаніяй.
т. 13, с. 459
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)